Экс-камандзір палка Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў, намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук і палітычны прадстаўнік палка Дзмітрый Шчыгельскі на прэс-канферэнцыі ў Кіеве абвясцілі пра стварэнне на базе гэтага фарміравання грамадскага руху «Каліноўцы». «Люстэрка» даведалася, ці не звязаная гэтая ініцыятыва з канфліктам і зменай кіраўніцтва ў палку, а таксама пра тое, хто цяпер кіруе падраздзяленнем.
Ужо былога камандзіра палка Каліноўскага Дзяніса Прохарава вядоўца прэс-канферэнцыі, палітычны прадстаўнік ПКК Дзмітрый Шчыгельскі назваў сузаснавальнікам грамадскага руху «Каліноўцы».
Паводле самога Прохарава, стратэгічная мэта новай структуры — аб’яднанне магчымасцяў і рэсурсаў беларускіх ваенізаваных і грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятываў, а таксама прадстаўнікоў дэмакратычных сіл для аднаўлення дэмакратычнага і канстытуцыйнага ладу ў Беларусі пасля спынення ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
— Тактычная мэта — узмацненне тэхнічнага і мабілізацыйнага забяспечання палка Каліноўскага за кошт магчымасцяў беларусаў, што знаходзяцца як на тэрыторыі Беларусі, так і тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму, — дадаў Прохараў. — Рух «Каліноўцы» — гэта аб’яднанне простых беларусаў, баявое і грамадска-палітычнае крыло беларускіх дэмакратычных сіл і прадстаўнікоў іншых народаў, якое грунтуецца на агульных для ўсіх удзельнікаў каштоўнасцях і мэтах: вызваленне Беларусі ад расійскай акупацыі і акупацыйна-калабарацыянісцкага рэжыму Лукашэнкі, вяртанне ўсіх беларускіх палітычных уцекачоў у Беларусь з мэтай аднаўлення канстытуцыйнага ладу і дэмакратычных прынцыпаў Беларусі.
Стваральнікі руху заявілі, што збіраюцца займацца праектамі тэхнічнага забяспечання палка Каліноўскага сучаснымі відамі ўзбраенняў і давайсковай падрыхтоўкай беларусаў — патэнцыйнага мабілізацыйнага рэсурсу для ПКК. А таксама праектамі рэабілітацыі і падтрымкі ветэранаў і байцоў палка Каліноўскага ў краінах Еўропы.
Паводле іх словаў, рух «Каліноўцы» будзе каардынаваць сваю працу з іншымі палітычнымі арганізацыямі беларускіх дэмакратычных сіл. Сярод патэнцыйных партнёраў Дзяніс Прохараў назваў Каардынацыйную раду, Аб’яднаны пераходны кабінет і Офіс Святланы Ціханоўскай.
«Люстэрка» спытала ва ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі, ці ствараўся рух «Каліноўцы» як рэакцыя на канфлікт у палку і змяненне кіраўніцтва падраздзялення.
— Стварэнне руху не мае ніякага дачынення да канфлікту, ды і ў прынцыпе як такога канфлікту ў нас няма, — адказаў намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук. — Рух «Каліноўцы» — гэта праект, які быў запланаваны яшчэ пасля канферэнцыі палка Каліноўскага, што прайшла ў лістападзе 2023 года. Гэта паслядоўнае развіццё стратэгіі, прынятай на канферэнцыі, што скіраваная на кансалідацыю беларускіх дэмакратычных і нацыянальна-вызваленчых сіл для супрацьстаяння расійскай агрэсіі і далейшай дэакупацыі Беларусі.
Паводле Кабанчука, ён і цяпер ужо былы камандзір Дзяніс Прохараў застаюцца ў палку і лічаць сябе яго часткай.
Адказваючы на пытанне «Люстэрка», Вадзім Кабанчук таксама пацвердзіў, што цяпер палком Каліноўскага кіруе часовы выканаўца абавязкаў камандзіра Павел Шурмей.
Чытайце таксама